Завяршыўся першы этап традыцыйнага конкурсу творчых работ студэнтаў на беларускай мове, які ўжо больш за чвэрць стагоддзя праводзіць кафедра беларускай і рускай моў. У гэтым семестры былі прапанаваныя наступныя тэмы:
Адабраўшы ў групах лепшыя работы – а ўсяго іх было каля 400, – выкладчыкі беларускай мовы здалі на разгляд журы 94. У выніку пераможцамі конкурсу сталі 13 студэнтаў.
У канферэнц-зале Навуковай бібліятэкі БНТУ 2 снежня 2025 года адбылася ўрачыстая цырымонія падвядзення вынікаў конкурсу, на якой прысутныя пераможцы і прызёры чыталі свае творы, адказвалі на пытанні і з задавальненнем атрымлівалі граматы і прызы.
«Агеньчык пад попелам» – так назвала сваю работу Наталля Шыловіч (гр. 10703124), якая вельмі нечакана раскрыла вобраз гераіні Івана Мележа Ганны Чарнушкі, уявіўшы яе… блогеркай! Так, менавіта блогеркай, з хэштэгамі, зваротамі да падпісчыкаў. І зроблена гэта так па-майстэрску, далікатна, тактоўна, пранікнёна, з захаваннем мележаўскага стылю, што мімаволі верыш, што іменна так раскрывала б свае пачуцці Ганна…
Эсэ Ангеліны Жукавай «Без чалавечнасці не будзе і вечнасці» зроблена на аснове аналізу супрацьстаяння герояў твора Івана Шамякіна «Вазьму твой боль». Адбыццё пакарання па законе, але без пакаяння, не дае права патрабаваць чалавечнасці ад ахвяр – напэўна, такая галоўная выснова ўдумлівай работы студэнткі.
Зразумела, што пераважная частка студэнтаў выбрала для сябе вельмі свабодную тэму «А што, калі…». Гэта і «А што, калі я людзям не гляджу ў вочы» (верш студэнткі гр. 11004124 Карыны Леонавай). І горыч ад немагчымасці звязацца з продкамі з апусцелых ад радыяцыі хат (верш Дар’і Шчур, гр. 11309124), і сорам ад наступстваў свавольства, калі, гуляючы з сябрамі ў начной цішыні, голасна пракрычаў «Мама!». Зацікавіла фантазійнае апавяданне Мікіты Суцкеля (гр. 10809224) пра эксперыменты нейрафізіялагічнай лабараторыі ў барацьбе з кашмарнымі снамі. «А што, калі не было б вайны, / Не заставаліся б дзеці адны, / Не пралятаў бы крумкач над полем мёртвым, / Не стаяла б на ім смерць у чорным» – гэтыя радкі не патрабуюць каментарыяў (Андрэй Казека, гр. 10309125). Эмацыйна выступае супраць знаёмых многім, на жаль, сітуацый гвалту, звычкі цярпець і маўчаць студэнтка Аляксандра Найдун (гр. 10702323). «А што, калі б супергероі і суперзлодзеі існавалі ў рэальным свеце?» – спрабуе адказаць на гэтае пытанне Яўгеній Матруховіч (гр. 10401123). Юнаку не хочацца і думаць пра тое, што жыццё калі-небудзь скончыцца, таму некалькі строф верша Дзяніса Вяршковіча (гр. 10706224) заклікаюць штурмаваць жыццё смела, шукаць зарапад, але ў фінале ён прызнаецца: «Чаму я магу навучыць??? / Мне ўсяго дзевятнаццаты год…» Нечаканы фінал і ў вершы Андрэя Стрэльнікава (гр. 10705225): «І сапраўды, усё магчыма, / Пакуль будзільнік не звініць». Сапраўды, добрая самаіронія.
Раскрываючы тэму «Будучыню будаваць моладзі!», Павел Заблоцкі (гр. 10705225) прапануе ўявіць «Вечны Сабор Чалавецтва. Яго падмурак, складзены з камянёў мінулых эпох, спярэшчаны іерогліфамі былых перамог і шнарамі старых памылак. Сцены, збудаваныя бацькамі і дзядамі, надзейныя, але іх архітэктура часам цесная для нашага дыхання». Увогуле вельмі вобразная, прыгожая работа заканчваецца наступнай высновай: «Будучыня – гэта не будынак, а вечная будоўля, і ў яе бясконцай сімфоніі кожнаму новаму пакаленню наканавана згуляць сваю непаўторную, вялікую партыю». А як гэта рабіць, мы даведаемся, пазнаёміўшыся з інструкцыяй вырабу пад назвай «Будучыня», прапанаванай Аланам Малахавым (гр. 11904125). Тут і камплектацыя, і інструкцыя па зборцы, і заключныя палажэнні! І ўсё вельмі дасціпна і нестандартна! Дзякуем!
Дзякуем і студэнтам, якія, на думку журы, занялі першае месца: Мікіта Паўлоўскі (гр. 10702423), Іван Мартыновіч (гр. 10702423), Раман Масейка (гр. 10702423), Артур Дзмітрыеў (гр. 10702423), Яна Зінкевіч (гр. 10702323), Аляксей Пусташыла (гр. 10702323), Аляўціна Карнеева (гр. 10309125), Эліна Мацулевіч (гр. 10601222), Анастасія Тарасава (гр. 10601222), Раман Брыцько (гр. 11004124), Аляксандр Свірыдзенка (гр. 11004124), Станіслаў Шэстакоў (гр. 10807125), Соф'я Ваяводзіна (гр. 11005125), Алег Юшчук (гр. 11001125), Кіра Сонцава (гр. 11309124), Ева Дзялоўская (гр. 11302124), Аляксей Камейка (гр. 11310124), Максім Маркевіч (гр. 11401125), Сяргей Швайко (гр. 10110125), Максім Сцяпанаў (гр. 10706224), Аляксандр Кляшторны (гр. 10706224), Цімафей Пагуляеў (гр. 10706224), Мікіта Півень (гр. 10706224), Ягор Ерш (гр. 10706224), Мікіта Глушэня (гр. 10706224), Марыя Леановіч (гр. 11403225).
Дзякуем студэнтам за актыўны ўдзел у конкурсе, за цікавыя творчыя работы! Жадаем далейшых поспехаў!
